Iнтэрнацыянальны Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў
02.02.2024🌟З 30 студзеня па 2 лютага адбыўся 59-ы інтэрнацыянальны Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (БДПУ) імя Максіма Танка па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, прымеркаваны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
🌟Больш за 250 чалавек у складзе 11 атрадаў наведалі Барысаўскі, Вілейскі, Валожынскі, Крупскі, Лагойскі, Маладзечанскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Салігорскі, Стаўбцоўскі раёны і г. Жодзіна Мінскай вобласці.
🌟Ідэя правядзення Зорных паходаў узнікла ў 1966 годзе, калі студэнты Мінскага педагагічнага інстытута (так называўся БДПУ імя Максіма Танка да 1993 года) прынялі ўдзел ва Усесаюзным паходзе моладзі па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа.
🌟Стартаваць павінны былі ў розных населеных пунктах, а фінішаваць - усе групы адначасова ў адным месцы. Схема такога маршруту на карце па форме падобная на зорку, адсюль і назва паходу - Зорны.
🌟Інтэрнацыянальным Зорны паход завецца таму, што сярод яго ўдзельнікоў ёсць прадстаўнікі іншых краін - Кітая, Расіі, Узбекістана, Казахстана.
🌟Наш горад Жодзіна наведаў атрад “Максімавы нашчадкі”, які складаўся са студэнтаў і выкладчыкаў філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка.
Разам з вучнямі і настаўнікамі школы яны прынялі ўдзел у мітынгу, прысвечаным подзвігу Героя Савецкага Саюза Пятра Іванавіча Купрыянава. Мерапрыемства адбылося каля бюста героя, імя якога носіць школа.
🌟 Далей госці азнаёміліся з экспазіцыяй школьнага музея баявой славы імя П.І. Купрыянава.
🌟Цікавым працягам сустрэчы школьнікаў і студэнтаў стала паведамленне пра вну, дзе навучаюцца ўдзельнікі Зорнага паходу, а таксама канцэртная праграма ў іх выкананні.
🌟Найбольш актыўныя вучні таксама прынялі ўдзел у танцавальным нумары.
🌟 У завяршэнне сустрэчы удзельнікі Зорнага паходу ўручылі навучэнцам памятныя падарункі і постэры з інфармацыяй аб БДПУ імя Максіма Танка.